Интервью,  Производители, модели

Хэндмейд велосипеды из Беларуси

«Малых молокососов возить запрещено»! 27-гадовы бізнесовец Аляксей Барысевіч за два гады арганізаваў у Менску ўласную вытворчасць ровараў, якія актыўны прадаюцца не толькі ў Беларусі, але і за мяжою.


Заходзім на тэрыторыю прамысловага гіганта «Мотовело», дзе больш за тысячу працоўных вырабляюць 150 тысяч ровараў на год. Далей ідзем да аднаго з непрыкметных будынкаў. З аднаго яго боку – дзядуля Ленін і дошка гонару з сумнымі тварамі перадавікоў. З другога – сталкераўскія краявіды ды індустрыяльныя будынкі памерам з Палац рэспублікі.

Менавіта сярод гэтай неасавецкай ідыліі пусціў карані малады бізнесовец Аляксей Барысевіч з амбітнаю мэтаю выпускаць свае ровары – для жыцця і спорту.

У арандаваным памяшканні на 120 квадратных метраў – стэрыльная чысціня і мудрагелістыя прыборы, быццам з набору «Юны інквізітар». На падлозе стаяць гатовыя ровары. Гэта – вытворчы цэх прыватнай кампаніі Borax.

Заснавальнік кампаніі, 27-гадовы Аляксей Барысевіч (з яго ініцыялаў, дарэчы, і складаецца назва) з такім запалам пачынае нам усё паказваць і расказваць, што праз 5 хвілін прыдбаць байк яго вытворчасці здаецца жыццёва важнаю справай.

«Ровар укаціўся ў маё жыццё вельмі рана, – распавядае Аляксей, не выпускаючы з рук сябра дзяцінства. – Мой бацька працаваў у сферы веласпорту яшчэ пры савецкай уладзе і адзін час нават быў веламеханікам у зборнай БССР. А мой бізнес пачаўся са звычайных амбіцый. Хацелася рабіць нешта сваё і пры гэтым атрымліваць кайф».

У рэалізацыю мары Аляксей на першым этапе ўкладаў уласныя грошы. Потым трапіў пад праграму падтрымкі маладых вытворцаў і атрымаў крэдыт ад прыватнага банка. Цяпер у яго кампаніі працуюць сем чалавек. На гарачы час вяснова-летняга сезону бяруць яшчэ пяць працаўнікоў. У сезон валяць у дзве змены. Апошнім часам збіраюць прыблізна 20 ровараў на дзень.

«Каб разабраць ровар-трансформер, трэба 30 секунд, каб вырабіць – 55 хвілін»

Цяпер Вorax выпускае сем мадэляў ровараў: чатыры спартовыя і тры «грамадзянскія». Сярод «грамадзянскіх» самы папулярны прадукт кампаніі – ровар-раскладушка «Спадарожнік».

«Гэтая мадэль складаецца ў трох месцах, – кажа Аляксей і рашуча дэманструе працэс. – Асноўныя элементы такіх складных ровараў Дэвід Хон, заснавальнік кампаніі Dahon, прыдумаў яшчэ 35 гадоў таму. У нашым «Спадарожніку» рама вырабленая па ліцэнзіі яго фірмы. Мы проста дапрацавалі тэхналогію пад нашых людзей ды іх патрэбы».

Каб разабраць ровар-трансформер, трэба 30 секунд, каб вырабіць – 55 хвілін. Колькі іх усяго прадалі, Аляксей дакладна не кажа, але намякае: «лік ідзе на тысячы». Паказнікі спартовых велікаў больш сціплыя – «дзясяткі». Затое каштуюць яны не Br 1,7 млн, а $2100 за штуку. Калі «Спадарожнікі» купляюць «студэнты, дальнабойнікі, дзядулі, бабулі», то спартовымі цікавяцца пераважна прафесіяналы рознай ступені паспяховасці.

«Калі ты нешта любіш і гэтае нешта належыць табе, заўсёды знойдуцца час, сілы і энтузіязм»

Спартовыя ровары натхняюць Аляксея мацней, чым «Спадарожнік» і яго браты. Пра «спартоўцаў» ён накідвае фактаў на невялікую тэматычную энцыклапедыю і прапаноўвае падняць мадэль Borant TTR, каб пераканацца – ровар важыць менавіта 7,4 кг.

Большасць ровараў вытворчасці Воrax асядае на родных землях. Кропкі продажу ёсць у 12 гарадах Беларусі. Сярод галоўных баявых дасягненняў – вытворчасць васьмі пар «колаў» для нацыянальнай зборнай па велатрэку.

Планы ў кампаніі класічныя: наладзіць больш шчыльныя зносіны са спажыўцамі Расіі ды Украіны. Аднак і Беларусь, паводле Аляксея, – краіна з вялікім роварным патэнцыялам.

«Людзі пачынаюць звяртаць увагу на ровар як на рэальны сродак перамяшчэння, а не як на лячэбную фізру, – кажа бізнесовец. – Беларусы таксама пачынаюць усведамляць: акрамя піва і тэлевізара ёсць безліч цікавых рэчаў. Чаму б не праехацца ўвечары на ровары? Амстэрдамам, вядома, Менск у бліжэйшыя гады не зробіцца, але дагнаць Польшчу і Прыбалтыку магчыма. Асабліва, калі ўлады больш актыўна будуць падтрымліваць раварызацыю горада».

Ад сваёй справы Аляксей, здаецца, атрымлівае неверагоднае задавальненне.

«Летась у нас быў першы паўнавартасны сезон. Мы не чакалі такога попыту. Здаралася, самому прыходзілася ў выходныя круціць гайкі, – апісвае стаханаўскі перыяд свайго жыцця малады бізнесовец. – Цяпер ровар займае вялікую частку майго жыцця. Нават большую, чым сям’я, сябры і сон. Працую сем дзён на тыдзень, у будні – з 9:00 да 21:00. Але калі ты нешта любіш і гэтае нешта належыць табе, заўсёды знойдуцца час, сілы і энтузіязм. Хоць часу паездзіць на ровары ў мяне цяпер амаль няма».

ПАДРАБЯЗНАСЦІ: BORAX.BY

Источник: 34mag.net