Акцыя веласіпедыстаў у Менску прайшла пад пільнай увагай міліцыі
30 сакавіка ў Менску прайшла акцыя веласіпедыстаў Крытычная маса. Акцыя стала пятнаццатай па ліку і першай у новым сезоне 2007. Прыехала на акцыю каля 100 веласіпедыстаў. Аднак міліцыя не дала ўдзельнікам праехаць па запланаваным маршруце і некалькі разоў спрабавала яе сарваць.
Як пішуць удзельнікі акцыі на сайце КМ, міліцыя стала ішла на канфлікты, не дазваляла ехаць нават па веладарожках, перамовы з веласіпедыстамі вышлі на высокі ўзровень — у іх удзельнічаў міністр МУС Навумаў. З перамоваў стала зразумела, што «ім напляваць на тое, навошта і як мы катаем — усё з-за таго, што нас шмат. Раптам добрасумленныя грамадзяне падумаюць, што не ўсё так добра ў гэтай краіне», — дае камэнтар удзельнік акцыі bstard.
Варта нагадаць, што Крытычная маса не з’яўляецца палітычным рухам і не высоўвае палітычных патрабаванняў — гэта хутчэй можна назваць сацыяльным пратэстам, адстойваннем права на чысты і зручны горад, раўнапраўе веласіпедыстаў з іншымі ўдзельнікамі дарожнага руху. Як далі зразумець улады менскім удзельнікам КМ, чыстага і зручнага горада для іх не будзе.
Нягледзячы на тое, што па вызначаным маршруце праехаць не атрымалася, веласіпедысты ўсёткі адкаталі па горадзе больш за 20 кіламетраў. «Я веру ў лепшую будучыню. Але яна ніколі не прыйдзе, калі за яе не змагацца», — гаворыць адзін з удзельнікаў КМ.
На сайце ж КМ пачалі з’яўляцца прапановы прыдумаць альтэрнатыўныя месцы збору, запасныя маршруты і ўвесці элементы канспірацыі ў абмеркаванні будучых акцый.
Іван Антонаў, Наша Ніва