«Крытычная маса» ў Менску — ізноў пад кантролем
Апошнюю пятніцу месяца ў шмат якіх краінах свету раварысты збіраюцца ў “Крытычную масу” і едуць па вуліцах гарадоў. Іх дэвіз: мы не перашкода руху, мы — частка руху! “Крытычная маса” традыцыйна адбываецца ў Сан-Францыска, Лондане, Варшаве, Кіеве, Маскве… Не абмінае гэта з’ява і беларускія гарады. 17-я “Крытычная маса адбудзецца 25 траўня ў Мінску. Ля помніка Багдановічу збяруцца веласіпедысты .
Сцежкі і паркоўкі ў Мінску яшчэ не пабудавалі, але на актывістаў веларуху ўжо звярнулі ўвагу. Апошні прабег прайшоў пад патрулём ДАІ. Як пачаліся гэтыя ўзаемаадносіны, кажа Яна:
“На 15-ю “Крытычную масу” яны прыехалі і сарвалі яе. Нам перагароджвалі шлях. Гэта была пастанова зверху: “Займіцеся імі. Хай яны займаюцца фігнёй, але пад наглядам”. Міліцэйская свядомасць: калі едзе група веласіпедыстаў, трэба зрабіць ім “зялёны калідор”. “Крытычная маса” ў такім выглядзе перастае быць часткай руху. Гэта становіцца і паказухай і пратэстам пад наглядам”.
Маршрут будучага велапрабегу ўжо ўхвалены ў ДАІ і таксама пройдзе з патрулём. У гутарцы з прэсавым сакратаром упраўлення ДАІ Мінска Юрыем Красновым атрымалася высветліць:
“25-га пройдзе прабег у 19:00. Маршрут – Максіма Багдановіча, Сурганава, Радыяльная, Ваўпшасава, Ванеева, Аэрадромная, праспект Жукава, праспект Пушкіна, Арлоўская, Багдановіча, Старажоўская, фініш ля Вострава слёз. Для Мінску веласіпедысты – гэта не праблема. Кіроўца ведае, што ёсць машыны. Як толькі з’яўляецца веласіпед, яго не заўсёды заўважаеш таму, што не настроена ўвага. Іх мала, таму пра іх і не думаеш”.
А я вырашыў пацікавіцца кіроўцаў: Ці часта вы сустракаеце веласіпедыстаў на дарогах Мінску?
“Увесну і летам вельмі часта. У цёплую пару года.”
“Едзеш — баішся, каб не збіць. Не ведаеш, куды ён таргане.”
“Даволі часта. Аднойчы збіла. Ехаў перада мной і стаў пераязджаць дарогу. Усё абышлося, але хлопец вельмі спужаўся.”
“Вось ён едзе па пешаходным пераходзе. Але за машынай яго не відаць. Можа, аварыя быць.”
У тым, што неабходна развіваць велаінфраструктуру, згодныя ўсе ўдзельнікі руху — і пешаходы, і кіроўцы:
Студэнт:
“У нас веласцежак амаль няма. Усяго тры ці чатыры сцежкі па Мінску”.
Малады чалавек: “У цывілізаваных краінах ёсць сцежкі для веласіпедыстаў на праезнай частцы. Варта было б гэта зрабіць у нас. У большасці яны рухаюцца па тратуару і п’яных людзей могуць чапляць”.
Кіроўца:
“Курсы арганізаваць для школьнікаў. Знакі ставіць”.
Справа — за драбязой: калі ж улады пачнуць не толькі патруляваць раварыстаў, але і створаць ім умовы для бяспечных і камфортных паездак?
Пра няўдалую спробу ўпраўлення фізкультуры гораду ініцыяваць пачатак будоўлі роварных сцежак у цэнтры распавядае намеснік начальніка ўпраўлення Генадзь Ліпскі:
“Была прапанова камітэту архітэктуры, там адмовілі. Нам не пайшлі насустрач. Плануем веласцежку. Яна будзе праходзіць па тэрыторыі трох раёнаў: Ленінскага, Заводскага і Цэнтральнага, уздоўж ракі Свіслач і ракі Мышка.Ужо дадзена заданне на праектаванне, а праз два гады ў нас з’явіцца 26-кіламетровая траса”.
Тым часам студэнты БДУ не чакаюць здагадак з боку гарадской адміністрацыі. Яны зрабілі сайт і пачалі ўжо збіраць подпісы для веластаянкі ва універсітэцкім гарадку. Распавядае студэнтка трэцяга курса ФПМІ Юля:
“Многія з тых, хто ездзіць, адзначаюць праблему: няма дзе ставіць, страшна пакідаць проста так. Збіраю подпісы, і потым усе мы падаем заяву ў адміністрацыю. Будзе праводзіцца дзесьці да сярэдзіны чэрвеня. Будуць подпісы, будзем выступаць, будзем прапаноўваць!”
Міхась Воўчак, Belradio.fm